СУПЕРПАЗІ́ЦЫІ ПРЫ́НЦЫП, прынцып накладання, 1) у класічнай фізіцы — тэарэтычнае дапушчэнне, паводле якога вынік некалькіх незалежных адначасовых уздзеянняў на пэўны фіз. аб’ект з’яўляецца сумай эфектаў, выкліканых кожным уздзеяннем паасобку. Напр., напружанасць E→ эл. поля сістэмы зарадаў (q1, q2, ... , qn) у выбраным пункце назірання роўная вектарнай суме напружанасцей эл. палёў (E→1, E→2, ..., E→n), створаных кожным зарадам незалежна: E→ = E→1 + E→2 + ... + E→n . Выконваецца для сістэм, якія апісваюцца лінейнымі ўраўненнямі, і адыгрывае важную ролю ў механіцы, электрадынаміцы, тэорыі палёў і вагальных працэсаў.

2) У квантавай механіцы С.п. адносіцца да хвалевых функцый і сцвярджае: калі фіз. сістэма можа знаходзіцца ў станах, якія характарызуюцца дзвюма (або некалькімі) хвалевымі функцыямі, то яна таксама можа знаходзіцца ў стане, які характарызуецца лінейнай камбінацыяй гэтых функцый (прынцып суперпазіцыі станаў).

т. 15, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)